ТАТА́РСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчацка-булгарская група); мова татар, афіц. мова Татарстана. Пашырана ў Башкортастане, Чувашыі, Удмурціі, Мардовіі, у многіх абласцях Расіі, асобных раёнах Узбекістана, Казахстана, Азербайджана, Таджыкістана, Туркменістана. Мае 3 групы дыялектаў: цэнтр. ў Паволжы (вакол Казані), зах. на еўрап. частцы Расіі (вакол Варонежа, Саратава, Разані і інш.), усх. ў Сібіры (вакол Томска, Цюмені, Табольска і інш.). Татарскія дыялекты значна адрозніваюцца фанет. і марфал. рысамі. Т.м. ўласцівы: у фанетыцы — 10 галосных фанем, наяўнасць галосных няпоўнага ўтварэння, адсутнасць губна-зубной фанемы «в», адсутнасць афрыкаты «ч»; у марфалогіі — аналітызм часавых форм дзеяслова; у сінтаксісе — багацце тыпаў даданых сказаў; у лексіцы — запазычанні з араб., перс., рус. моў. Сучасная літ. Т.м. па фанетыцы і лексіцы блізкая да цэнтр. дыялекту, а па марфал. структуры — да заходняга. Пісьменнасць (помнікі з 13 ст.) да 1928 на аснове араб., потым лац., з 1939 на аснове рус. алфавіта.

Літ.:

Закиев М.З. Татарский язык // Языки народов СССР. М., 1966. Т. 2.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)